ТЭ́ЙЛАРА ШЭ́РАГ,

ступеневы шэраг, у які ў наваколлі зададзенага пункта x = a раскладаецца аналітычная функцыя. Значэнне функцыі 𝑓(x) выражаецца праз значэнні яе і яе вытворных ў пункце x = a: 𝑓 (x) = 𝑓 (a) + 𝑓 ′(a) 1! ( x − a ) + 𝑓 ″(a) 2! ( x − a ) 2 + ... + 𝑓 (n) (a) n! ( x − a ) (n) + ... . Прапанавана Б.Тэйларам (апублікавана ў 1715).

У многіх важных для практыкі выпадках Т.ш. збягаецца да 𝑓(x) на некаторым інтэрвале з цэнтрам у пункце a. Для набліжаных вылічэнняў карыстаюцца формулай Тэйлара: 𝑓(x) = Pn(x) + Rn(x), дзе Pn(x) — частковая сума Т.ш. (мнагасклад Тэйлара), Rn(x) — астаткавы член (ацэнка дакладнасці вылічэнняў). Пры a = 0 Т.ш. пераўтвараецца ў Маклорэна шэраг. Т.ш. дазваляе зводзіць вывучэнне некаторых ўласцівасцей функцый (вылічэнне лімітных значэнняў функцый, даследаванне іх экстрэмумаў, пунктаў перагіну і інш.) да больш простай задачы вывучэння такіх уласцівасцей адпаведнага мнагаскладу Тэйлара.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)